У Гародні прэзентавалі кнігу пра першую амбасадарку Польшчы ў Беларусі
У Цэнтры гарадскога жыцця Гародні адбылася прэзентацыя кнігі «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязні» — біяграфіі Эльжбеты Смулковай, выбітнай беларусісткі і першага амбасадара Польшчы ў Беларусі.
У Гародню завітаў складальнік кнігі журналіст Валер Каліноўскі.
— Я атрымаў вялікае задавальненне, працуючы над дакументальнай кнігай, шукаючы розныя дакументы, вывучаючы творы, навуковыя працы пані Эльжбеты, размаўляючы з ёй восем дзён у Варшаве. У мяне была такая ўнікальная магчымасць мець персанальныя лекцыі прафесара Эльжбеты Смулковай па беларусістыцы, па беларуска-польскіх дачыненнях. І пагутарыць з ёй і напісаць пра яе кнігу было вялікім задавальненнем.
Таксама на прэзентацыі сабраліся гарадзенцы, што былі знаёмыя з пані Эльжбэтай, студэнты і былыя выкладчыкі Купалаўскага універсітэта. Кожны з іх атрымаў у падарунак асобнік кнігі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня