У Гародні прэзентавалі праект элетронных зваротаў
Грамадскім актывістам Гародні прадставілі новую пляцоўку для публічных зваротаў жыхароў Беларусі. Праз старонку http://zvarot.by/ цяпер можна напісаць электронны зварот, на які прадстаўнікі ўлады мусяць адказаць. Гэтая камунікацыя ўжо паспяхова працуе ў звароце пра спыненне адкрытай алкагольнай прапаганды ў Рэспубліцы Беларусь і кепскае абыходжанне з жывёламі. Пра тое, як працуюць такія звароты, распавядае піяр-менеджар кампаніі Андрэй Стрыжак:
– Zvarot.by – гэта ініцыятыва, скіраваная на тое, каб спрасціць працэс камунікацыі грамадзян з дзяржаўнымі органамі пры дапамозе электроннага звароту. Паводле закону, электронны зварот грамадзян тоесны пісьмоваму. Таму, седзячы за сваім камп’ютарам, вы можаце звярнуцца ў дзяржаўную ўстанову, пры гэтым не трэба выходзіць з дома.
Грамадскі актывіст Ігар Банцар:
– Я лічу, што такая форма ўзаемадзеяння грамадзян Рэспублікі Беларусь і ўладамі патрэбная і вельмі актуальная. Гэта дазваляе грамадзянам ставіць канкрэтныя пытанні, на якія ўлада павінна даваць канкрэтныя адказы.
У Беларусі існуе некалькі відаў электронных зваротаў: хтосьці збірае подпісы праз сацыяльныя сеткі, некаторыя просяць далучыцца да рознага кшталту петыцый. Адразу на сустрэчы гарадзенцы напісалі некалькі зваротаў да гарадзенскіх гарадскіх уладаў і далучыліся да ўжо прапанаваных на сайце петыцый.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота rg.ru