У Гародні суд задаволіў іск аб ліквідацыі ТАА „Гродна Лайф Медыя”



Арганізацыя, якая валодае гарадзенскім незалежным інтэрнэт-парталам HrodnaLife, будзе ліквідаваная. Такое рашэнне прынятае эканамічным судом Гарадзенскай вобласці 26 жніўня.

Працэс ліквідацыі арганізацыі заснавальнікі павінны правесці да 30 лістапада.

Справу разглядала суддзя Марына Рослік. У працэсе ўдзельнічалі старшы памочнік пракурора горада Віктар Казак, прадстаўнікі Гарадзенскага гарвыканкама Аляксей Апановіч і Сяргей Тыбулевіч.

Віктар Казак адзначыў, што арганізацыя можа быць ліквідаваная ў судовым парадку, калі раней парушала закон. У якасці аргументаў ён нагадаў, што арганізацыю, а таксама журналіста HrodnaLife неаднаразова судзілі за „распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі”. Акрамя таго, пракурор нагадаў, што прадукцыю тэлеграм-канала HrodnaLife суд раней прызнаў экстрэмісцкай. Рэдакцыя атрымала таксама папярэджанне ад пракуратуры.

Прадстаўнікі Гарадзенскага гарвыканкама падтрымалі пазіцыю пракуратуры ў поўным аб’ёме.

Прадстаўнікі „Гродна Лайф Медыя” не прысутнічалі на судзе ў сувязі з камандзіроўкай для ўдзелу ў медыяфоруме, і пасяджэнне прайшло без іх, было вырашана яго не адкладаць.

Агульная сума штрафаў, атрыманых арганізацыяй і журналістамі сайта, склала амаль 30 тысяч рублёў.

ТАА „Гродна Лайф Медыя” было зарэгістраванае ў ліпені 2020 года.

БелаПАН