У Гародні судзяць кіроўцу, які „пад спайсам” збіў дзвюх жанчын



Нагадаем, як адбылася аварыя. Па ранейшай інфармацыі, 9 верасня мінулага году каля 06.10 раніцы хлопец у стане наркатычнага ап’янення рухаўся на аўтамабіле “Seat Ibiza” па вул. Лідская. На скрыжаванні Лідская-Белуша ён не справіўся з кіраваннем. Выляцеўшы на тратуар, аўтамабіль збіў дзвюх жанчын, знёс два слупы і 2 сегменты плота аўтастаянкі. Адна з жанчын памерла, другая атрымала гематомы і пералом копчыка. На аўтастаянцы ён урэзаўся ў аўтамабіль “Пежо”, пасля чаго спрабаваў уцячы. Кіроўцу затрымалі і скруцілі людзі, што знаходзіліся на прыпынку. Яго направілі на экспертызу, адкуль ён збег галяком, пераплыўшы Нёман. Цяпер замест турмы яму пагражае прымусовае лячэнне. Дыягназ – паранаідальная шызафрэнія, але яго не звязваюць з ужываннем наркотыкаў. Дарэчы, хлопец атрымаў правы толькі за два месяцы да здарэння. У ДАІ кажуць, што на момант выдачы правоў сімптомы хваробы не былі заўважныя.

Працэс пачаўся 12 лютага ў судзе Ленінскага раёна. З-за дыягназу дзеянні кіроўцы тлумачацца як “здзяйсненне небяспечных для грамадства дзей”. Некаторыя сведкі цягам судовага працэсу змянілі паказанні. Яшчэ некалькі сведкаў не з’явіліся на працэс. Таму ім направілі позвы, а наступнае судовае пасяджэнне адбудзецца 24 лютага.

Пацярпелую шпіталізавалі з месца здарэння і выйшла на працу яна толькі 6 снежня. Яна атрымала шматлікія гематомы і пералом копчыка. Лячэнне ў шпіталі ёй аплаціла страхавая кампанія. Пацярпелая сцвярджае, што пасля аварыі ў яе з’явілася арытмія сэрца і скурныя захворванні, таму яна дагэтуль назіраецца ў кардыёлага па месцы жыхарства. Але транспартнае бюро не выявіла сувязі паміж аварыяй і пералічанымі захворваннямі.

Маці загінулай пра аварыю нічога не магла сказаць. “На дачку былі ўсе мае надзеі, бо ў малодшай – рак 4 стадыі”, – сказала яна. Як выявілася, дачка дапамагала з працай і на лецішчы.

 Беларускае Радыё Рацыя