У Гародні супрацоўнікаў ДАІ правяраюць на паліграфе



У першую чаргу праверку пройдуць тыя інспектары, у якіх падыходзіць да канца кантракт. Калі яны не справяцца з заданнем, з імі будуць скасаваныя працоўныя адносіны.

Аб пачатку праверкі паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Па яго словах, ужо праверылі каля 700 чалавек. Траціна з іх не справілася з выпрабаваннем. Якія менавіта пытанні задаюць пры праверцы, выдаваць нельга, каб не было магчымасці падрыхтавацца, піша «Вячэрні Гродна». Аднак вядома, што ў інспектара могуць спытаць, ці здзяйсняў ён раней злачынства, ці ўжывае алкаголь і наркотыкі. Пытанні таксама могуць тычыцца асабістага жыцця, адносін у сям’і.

Тэставанне доўжыцца ад адной да некалькіх гадзін. Яго вядзе спецыяльна падрыхтаваны міліцыянт-псіхолаг. На праверку трэба прыйсці ў добрым самаадчуванні.

Супрацоўнікаў унутраных спраў і раней правяралі «на сумленнасць». Але тэма стала рэзананснай пасля аварыі на аўтадарозе Баранавічы — Ляхавічы 26 лістапада. П’яны кіраўнік Баранавіцкай аўтаінспекцыі насмерць збіў 36-гадовую жанчыну.