У Гародні ўзгадалі беларускіх “остарбайтэраў”



Гарадзенская сінагога стала месцам правядзення прэзентацыі стужкі “Беларускія остарбайтэры:  вяртанне ў жыццё”. “Остарбайтэрамі” называюць пераважна маладых людзей, якія падчас Другой сусветнай вайны былі прымусова вывезеныя на працу ў Германію, Аўстрыю ды іншыя краіны Еўропы. Такі лёс напаткаў прыкладна 400 тысяч жыхароў Беларусі.

Пра адметнасць гэтага праекта ”Беларускія остарбайтэры:  вяртанне ў жыццё” кажа яго кіраўнік, сябра грамадскага аб’яднання “Гісторыка” Андрэй Мастыка:

– Остарбайтэраў у Беларусі досыць шмат. І тых, хто перажыў гэта, даволі шмат. Таму з’явілася ідэя запісаць і сабраць гэта ў адзін праект.  Асноўнае пытанне – гэта пошук гэтых людзей, але гэтыя людзі не вельмі прыцягваюць увагу ўладаў, грамадскіх арганізацый. Зараз яны пазбаўленыя нейкага сацыяльнага статуса, яны не прыроўненыя да ўдзельнікаў ці ветэранаў вайны.

Для доктара гістарычных навук Аляксандра Смаленчука гэта тэма з’яўляецца вельмі актуальнай:

– Тэма, якую праігнаравала савецкая гістарыяграфія. Ці адным словам пісалі пра трагедыю вывезеных людзей, пра іх вяртанне. А сама гісторыя гэтых людзей практычна невядомая. Я, займаючыся “Вуснай гісторыяй”, сутыкаўся з гэтай праблемай. Запісваў успаміны і быў уражаны, бо некаторыя ўспаміны – гэта ўспаміны людзей, якія перажылі страшную трагедыю і ледзь выжылі. Іншыя ўспаміны – гэта ўспаміны людзей, якія вельмі шчасліва правялі гэты час. Ёсць фотаздымкі 1942-1943 гадоў, дзе яны ў касцюмах, гальштуках і вельмі задаволеныя сваім жыццём. Гэта такая праблема, якая вартая глыбокага асэнсавання.

Праект ”Беларускія остарбайтэры:  вяртанне ў жыццё” – гэта не толькі фільм-інтэрв’ю, а таксама фотавыстава, якая цягам бліжэйшых двух тыдняў будзе дэманстравацца ў цэнтры Гародні  – у гарадзенкай харальнай сінагозе. Праект рабіўся дзякуючы арганізацыі “Гісторыка” сумесна з нямецкай арганізацыяй DOM пры падтрымцы нямецкага фонду Erinnerung, Verantwortung und Zukunft.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня