У Гародні ўзламалі канал анлайн-выдання Newgrodno.by



У Гародні невядомыя ўзламалі тэлеграм-канал інфармацыйнага анлайн-выдання Newgrodno.by, дзе было больш за 10 тысяч падпісчыкаў.

Пра ўзлом каналу распавядае рэдактар партала Ігар Рэмзік (Бублікаў):

– Калі прачнуўся ўжо паступалі званкі ад людзей, якія паведамлялі, што з маім каналам штосьці не тое. Я паглядзеў тэлефон, у 3.17 мне прыйшла смс з кодам для тэлеграма для ўваходу, яна не была прагледжана мною і нікім, але ўсё роўна хтосьці неяк увайшоў. У 14.00 канал перайменавалі на ЛДЖ.

Па словах Ігара, ён пакуль не ведае, хто мае дачыненне да ўзлому канала.

– Усё можа быць, але дакладна сказаць не магу. Можа быць хакеры, можа быць органы.

Нагадаем 29 студзеня 2021 году двое супрацоўнікаў у цывільным з Ленінскага РАУС Гародні пры падтрымцы байцоў АМАП УУС Гарадзенскага аблвыканкама прыйшлі ў рэдакцыйнае памяшканне Newgrodno.by, каб “правесці агляд”, канфіскавалі сістэмны блок кампутара. А ў дачыненні да Ігара міліцыянты склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі).

Беларускае Радыё Рацыя