У Гародні валанцёры дапамагаюць лекарам, што працуюць з Covid19



У Гародні працягваецца валанцёрскі пачын дапамогі дактарам і медычным работнікам, што працуюць з каронавірусам.

Адным з каардынатараў з’яўляецца дызайнерка Святлана Пінчук:

– Працуе ўжо пяты месяц запар майстэрня па навучанні людзей з інваліднасцю, пры якой мы стварылі цэх па пашыву супрацьчумных камбінезонаў для лекараў. На сённяшні дзень мы павялічылі свой асартымент, таму што паступілі заяўкі ад адной з падстанцый горада Гародні. Цяпер мы ш’ем камбінезоны вельмі вялікіх памераў для мужчын вельмі высокага росту. І папрасілі пашыць халаты, таму што прывезлі халаты, якія ім выдаюць на працы, гэта маленькія, кітайскага пашыву, якія не налазяць на нашага сярэднестатыстычнага мужчыну.

На думку Святланы Пінчук, у іх памяшканні таксама магчыма атрымаць і іншыя сродкі абароны:

– Можна прыехаць да нас, і ў адным памяшканні, якое мы называем склад, у нас знаходзяцца шчыткі, якія збіраліся ў цэнтры людзьмі, валанцёрамі, некалькі месяцаў таму, зараз усё гэта захоўваецца ў нас. Рэспіратары. Усё па дакументах. Дакументы, гэта проста заяўка ад лекараў, з пазначанай колькасцю таго, што патрэбна. Мы афармляем акт прыёму і аддаём усё на рукі.

Агулам за час працы валанцёры пашылі больш за 5 тысяч камбінезонаў, дзясяткі тысяч бахілаў і капялюшыкаў, а іншыя валанцёры сабралі некалькі тысячаў абарончых шчыткоў, якімі карыстаюцца да гэтага часу ў медычных установах гораду ды вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча