У Гародні за хабар затрымалі двух кіраўнікоў каапэрацыі



Старшыня праўлення Гарадзенскага абласнога спажывецкага таварыства і дырэктар гарадзенскага філіялу «Белкаапстраху» затрыманыя пры атрыманні хабару ад прадстаўніка будаўнічай кампаніі, паведаміла прэс-служба МУС Беларусі.

Паводле аператыўнікаў, кіраўнікі рэгулярна атрымлівалі хабары, у тым ліку праз пасярэднікаў, за бесперашкоднае афармленне страхавых выпадкаў на падначаленых ім аб’ектах і выплат па іх, а таксама за заключэнне дамоваў на будаўніча-мантажныя работы і іх аплату.

Старшыня праўлення за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзяць у ягоную кампетэнцыю (уключна з непасрэдным заключэннем дамовы падраду), атрымліваў ад бізнесоўца хабар памерам каля 3% ад кошту выкананых работ, распавялі ў галоўным ўпраўленні барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК ) МУС.

Абодвух кіраўнікоў затрымалі і змясцілі пад варту. На іх завялі крымінальныя справы за атрыманне хабару (арт.430 Крымінальнага кодэксу Беларусі), а на іх камерцыйнага партнёра — за даванне хабару (арт. 431 КК Беларусі).