Безвыніковае змаганне за возера ў Гародні



У Гародні засыпаюць возера на вуліцы Рэпіна, за добраўпарадкаванне якога змагаліся актывісты і мясцовыя жыхары.

Кажа грамадскі актывіст Ігар Банцар:

– Гісторыя барацьбы за захаванне возера каля чацвёртай гімназіі бярэ свой пачатак 5-6 год таму, калі мясцовыя жыхары сталі звяртаць увагу на тое, што возера гадамі не запаўняецца вадой. Я, як грамадскі і палітычны актывіст, які выступаў і будзе выступаць за паляпшэнне якасці жыцця нашых грамадзянаў, якія пражываюць на вуліцы Рэпіна і Соламавай, праблему падымаў яшчэ ў 2010 годзе. Тады я быў кандыдатам у дэпутаты на мясцовых выбарах у гарадскі савет дэпутатаў.

З той пары сітуацыя толькі пагаршаецца.

На думку Ігара Банцара, было б добра, каб на будоўлі, якая зараз вядзецца, з’явілася поўная інфармацыя пра тое, хто займаецца гэтым аб’ектам і тэрміны, калі скончыцца праца:

– У адрозненне ад іншых мерапрыемстваў, якія праводзяць у горадзе Гародні, дзе, напрыклад, на будаўніцтве на плоце вісіць пашпарт аб’екта, дзе можна даведацца, што гэта за будоўля, хто праводзіць гэтыя працы, хто начальнік, дзе яго тэлефоны, тэрмін правядзення працаў, пачатак, канец, на дадзеным аб’екце няма нічога. Таму ўсё альбо пакрыта цемрай, альбо абрастае здагадкамі.

Грамадскія актывісты і мясцовыя жыхары будуць звяртацца да ўладаў горада, каб ім патлумачылі, хто займаецца працамі на гэтым аб’екце, бо на дадзены момант інфармацыя пра гэтыя працы адсутнічае.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча