У Гародні збіраюць подпісы за беларускую мову на магіле паўстанцаў 1863-64 гг



Гарадзенскае грамадства пачало збор подпісаў пад зваротам на імя прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі пра ўключэнне беларускай мовы на будучыя помнікі на магілах паўстанцаў 1863-64 гадоў.

У тэксце звароту гарадзенцы адзначылі пра выключную для Беларусі ролю асобы Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў у фармаванні беларускай нацыянальнай ідэі.

Кажа адзін з падпісантаў Антон Чаранкевіч:

– „Мужыцкая праўда” выходзіла на беларускай мове. Выдавалася беларускай лацінкай. Кастусь Каліноўскі заўсёды размаўляў па-беларуску са сваімі паўстанцамі, са сваімі паплечнікамі. І менавіта з гэтай прычыны таксама мова павінна прысутнічаць беларуская. У выніку ўсёй гэтай акцыі і збору подпісаў мы чакаем, што ўсё ж такі на шыльдзе памяці паўстанцаў з’явіцца сярод польскай і літоўскай моваў яшчэ і беларуская.

Зварот датычыць не нейкага адзінкавага помніка, а ўсіх, якія будуць ставіцца з нагоды ўшанавання паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, знойдзеных на гары Гедзіміна. Падпісныя аркушы знаходзяцца ў гарадзенскіх этна-краме „Цудоўня” і краме „Адметнасць”. Далучыцца да акцыі можа кожны, хто шануе беларускую нацыянальную памяць. Пераклаў на літоўскую мову зварот да прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі паэт Юозас Рыбікаўскас. 

  

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]