У Глыбокім адбылося дэфіле народнага беларускага строя



 “Па слядах часу” – дэфіле народнага беларускага строя, пачынаючы з часоў дзясятага стагоддзя адбылася ў Глыбокім. Яно праходзіла падчас этна-вечарыны ў межах пятага міжнароднага “Вішнёвага фэсту” на цэнтральнай плошчы горада.

Акрамя беларусаў у імпрэзе прынялі ўдзел госці з Латвіі, Эстоніі, Ізраіля, Польшчы ды Расеі. Таксама паказаць свае строі і патанчыць народныя танцы прыехалі прадстаўнікі армянскай і паўднёва-карэйскай дыяспар з Менску.

Па словах наведвальнікаў свята, імпрэза ўразіла сваёй яркасцю, каларытам і прыгожымі спевамі ды танцамі.

– Прыемна, што такое мерапрыемства адбываецца ў Глыбокім. Сапраўды прыемна бачыць, што даехалі музыканты з Польшчы, з Эстоніі, з Арменіі. Канешне, хацелася б каб было больш людзей.

– Прыехалі мы ў Глыбокае. Вельмі тут усё прыгожа. Усё зялёнае. Тут вельмі весела. Мы спяваем, танцуем. Вельмі цікава тут.

– Малайцы. Вельмі спадабалася.

РР: Кто найбольш спадабаўся? Чые касцюмы?

– Больш нашы, канешне. У сэнсе, беларусы.

РР: А якія замежныя госці спадабаліся?

– Ізраіль добра спяваў.

Удзельнікі вечарыны з замежжа карагодзілі, развучвалі народныя песні і танцы сваёй мясцовасці разам з глыбачанамі і гасцямі горада. А народны гурт “Цярэшка” з Глыбокага паказаў прысутным жартаўлівае ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі” і праспяваў беларускія песні.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі