У Глыбокім людзі будуюць царкву, а ўлады – суд
Ужо другі год будуецца храм Архістратыга Божага Міхаіла на ахвяраванні глыбачан.
А вось суд па замове Віцебскага абласнога суда ў Глыбокім павінны пабудаваць за дзевяць месяцаў. Пачалі – у студзені, а скончыць будаўніцтва плануюць у верасні. Па тэмпах будаўнічай працы верагодна, што будынак Глыбоцкага суда будзе здадзены ў тэрмін. Чаго не скажаш пра царкву.
Паводле мясцовых уладаў, грошы на будаўніцтва суда выдаткавала вобласць. А вось, напрыклад, на будаўніцтва новай аўтастанцыі з нармальнымі ўмовамі, грошай пакуль няма.
Тэма аўтастанцыі даўна абмяркоўваецца сярод жыхароў, гасцей горада ды ў медыя. Але пакуль грошай на яе не стае, гэта ж не будынак суда…
Нават міжнародны аўтобус Менск-Рыга, які ідзе праз Глыбокае штодня, не спыняецца ўначы. Спыняецца ўдзень, а ўначы – не. Бо на аўтастанцыі няма нармальнай прыбіральні. Прыбіральня знаходзіцца на вуліцы, да таго ж яе складана знайсці ў цемры.
Царква будуецца не такімі тэмпамі, як суд. Некалькі месяцаў там увогуле не бачна будаўнікоў. Вядома, на ахвяраванні людзей, хоць і розных канфесій, будоўля не будзе прасоўвацца хутка. Тым больш, калі ўлічыць дабрабыт беларусаў у апошні час.
У 2012 годзе глыбачане за 3 месяцы змаглі пабудаваць храм-капліцу Святога вялікапакутніка і лекара Панцеляймона. А вось царкву будуюць ужо другі год, верагодна сродкаў не стае, нават з падтрымкай мясцовых прадпрымальнікаў ды іншых мецэнатаў.
[Not a valid template]Беларускае Радыё Рацыя
