У Глыбокім пачаўся шосты міжнародны “Вішнёвы фэст”



У Глыбокім пачаўся шосты міжнародны “Вішнёвы фэст”. Па традыцыі першы дзень фестывалю прысвяцілі грамадскім аб’яднанням горада.

Свята пачалося выступам ансамбля “Глыбоцкія дзяўчаты” і прывітальным словам кіраўніка Глыбоцкага раёна Алега Морхата:

Я шчыра рады вітаць вас у нашым цудоўным горадзе Глыбокае, які ў гэтыя ліпеньскія дні са звычайнага райцэнтра ператвараецца ў вішнёвую сталіцу…. Мы зноў пачынаем вішнёвы фестываль, які сёлета будзе праходзіць 17-21 ліпеня. Гэты фестываль, якога чакаюць жыхары і госці Глыбоччыны, і які стаў вядомы не толькі ў вобласці і рэспубліцы, але і за мяжой.

Глыбачане і госці горада таксама выказалі свае меркаванні і пажаданні наконт вішнёвага фэсту ў Глыбокім.

Гэта свята нашага горада. Мы штогод наведваем. Вось прыйшлі на адкрыццё, хоць надвор’е не надта добрае. Мы заўсёды рады нашаму святу.

Я прыехаў з Эстоніі. Даведаўся праз інтэрнэт. Болей беларускіх песень, беларускай мовы. Усе спяваюць, а мы чамусьці забываем сваё. Моладзь не думаю, што ведае беларускую мову. Я ўжо 48 гадоў у Эстоніі, але не забыў яе.

“Вішнёвы фэст” у Глыбокім будзе доўжыцца пяць дзён. Другі дзень прысвецяць спорту, трэці – моладзі. А вось у чацвёрты і пяты дзень глыбачан і гасцей горада чакае больш разнастайная і цікавая праграма з канферэнцыямі, этна-вечарынамі, урачыстым шэсцем, конкурсам баяністаў ды шмат іншага.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя