У Глыбокім прайшоў фэст у гонар Святой Тройцы



У Глыбокім прайшоў фэст у гонар Святой Тройцы. Храм у гэтым горадзе таксама мае назву —касцёл Святой Тройцы як і сама каталіцкая парафія. Свята пачалося з канцэрта арганнай музыкі. Яго зладзілі арганіст Віктар Кісцень і флейтыст Сяргей Махаў у межах праекта “Віцебскі арганны шлях”.

Па словах кіраўніка праекта, музыказнаўцы Святлены Немагай, гэты музычны праект паўстаў з ініцыятывы Уладзіміра Правілава і быў распачаты сёлета з бласлаўлення віцебскага біскупа Алега Буткевіча.

Я спадзяюся, што ён будзе доўжыцца не адзін год і будуць нейкія выніковыя рэчы: напрыклад рамонт арганаў. Яшчэ, па выніках нашай экспедыцыі, мы плануем выдаць даведнік пра захаваныя інструменты. І не толькі захаваныя, бо бывае, што інструмента ўжо няма, але захаваліся нейкія фотаздымкі. Гэта дае ўяўленне пра багацце нашай культуры і гэта будзе добрай нагодай для таго, каб нават уводзіць гэтыя аб’екты ў нейкія турыстычныя маршруты. Але, перш за ўсё, гэта аднаўленне інструментаў для парафій, каб нашы касцёлы выглядалі годна.

Дзень Святой Тройцы католікі адзначаюць ў наступную нядзелю пасля Пяцідзясятніцы. На святочнай урачыстасці ў касцёлах праслаўляецца Бог Айцец, Сын і Дух Святы. Вернікі на Тройцу ўпрыгожваюць храмы і дамы галінкамі дрэў, кветкамі і травой.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара