У Глыбокім прайшоў кулінарны конкурс сярод аграсядзібаў



Конкурс ладзіўся ў гарадскім Доме культуры ў межах міжнароднага бізнес-форуму “Дзелавое партнёрства”. Гаспадары некалькіх аграсядзібаў раёна прадставілі на ім свае беларускія стравы і прадукцыю.

На мерапрыемстве можна было паспытаць прарошчаную зялёную грэчку з мёдам, вішнёвы халодны суп, некалькі гатункаў самаробных казіных сыроў ды іншае.

Па словах гаспадыні сядзібы “Краіна мараў” Аксаны Лашкевіч, яна самастойна навучылася рабіць добры і смачны сыр з казінага малака розных гатункаў, які карыстаецца попытам сярод турыстаў.

– Прывезла на форум 15 відаў сыроў. Розныя, сярод іх і такія, якія гатаваліся па старажытных рэцэптах, а таксама сучасныя сыры. Крыху імправізавала на некаторых сырах. Прывезла масла казінае. Вельмі люблю, калі людзі паспытаўшы, кажуць, што непадобна на казіныя сыры і прадукты з казінага малака. Мне вельмі падабаецца ламаць стэрэатыпы, бо існуем такая думка, што казінае малако заўжды мае адмысловы пах.  

Падчас мерапрыемства кухар і знаўца беларускай кухні Алена Мікульчык правяла майстар-клас па вырабе страваў часоў ХІХ стагоддзя і сучасных. А таксама прэзентавала сваю кулінарную кнігу “Лепшыя стравы буларускай кухні”.

Таццяна Смоткіна

Фота аўтаркі