У Глыбокім з кранаў цячэ чорная вада



Вось ужо некалькі тыдняў у мікрараёне вуліцы Паўночнай у Глыбокім жыхары новабудоўляў маюць праблемы з вадой. Увечары, калі людзі вяртаюцца з працы, з кранаў цячэ брудная вада.

Як кажуць жыхары, яны не могуць толкам памыцца самі, не памыць малых дзяцей. З гатоўкай ежы таксама праблема, не кожны можа пастаянна купляць ваду ў крамах. Ды адзенне пасля прання выглядае не самым чыстым, на ім нават застаюцца невыводныя плямы.

І хоць гэтая праблема хвалюе амаль усіх жыхароў мікрараёна, але не ўсе наважваюцца размаўляць з журналістамі. Па словах людзей, яны баяцца, што іх звольняць з працы за размову з незалежнымі журналістамі. Але ўсё ж знаходзяцца смелыя – у асноўным маладыя жанчыны ў дэкрэтным адпачынку.

– Увечары дзіцё памыць магчымасці няма таму, што чорная вада. Не паспяваеш ні ванну мыць, ні ўнітаз, бо ўсё чорнае. Людзі проста не паспяваюць мяняць фільтры. Зразумела, што гэта праблема, зараз і катлы, і пральная машына, усё на свеце. Чалавек паставіў фільтр, а літаральна за дзве хвіліны ён цалкам чорны.

– У кватэры ў нас кожны вечар пасля дзевяці гадзін ідзе вада. Яна чорнага колеру, у ёй плаваюць часціцы падобныя да смалы, і пах у яе быццам гэта нейкі бензін, нейкая хімія.

Як кажа Уладзімір Гойгель, галоўны інжынер філіяла “Докшыцыводаканал” УП “Віцебскаблводаканал”, які абслугоўвае Глыбоцкі раён, раней такой праблемы ў раёне вуліцы Паўночнай не было, яна з’явілася менавіта падчас спякоты сёлета.

– Наш цэнтральны вадазабор горада Грыбокае мае магутнасць 3,5 тысячы метраў кубічных на суткі. У цяперашні час мы выдаем 3200-3300 практычна на мяжы магутнасці. У сувязі з засухай і палівамі. У сувязі з гэтай вялікай плынню, мы працуем з насельніцтвам, просім ажыццяўляць паліў у вечаровы час – пасля 21:00 да 06:00.

Паводле Уладзіміра Гойгеля, пры вялікім патоку вады і адбываецца адрыванне часціц жалеза ды іншага, таму вада мае цёмныя прымешкі. У спякотнае надвор’е і пры вялікай колькасці спажываемай вады будзе такая праблема, пакуль не пойдуць дажджы.

Па словах галоўнага інжынера, пакуль на гэта яны не могуць ніякім чынам паўплываць, бо яны і так павялічылі ціск на станцыі да максімальнага і ўключылі два насосы, каб забяспечыць людзей вадой у засушлівы перыяд. Таму людзям раяць перацярпець гэты перыяд.

Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае