У Глыбокім зноў судзілі журналіста-фрылансера Змітра Лупача



Суддзя Андрэй Тарасевіч аштрафаваў журналіста на 35 базавых велічыняў, што складае 892 рублі 50 капеек.

Гэтым разам падставай для пераследу стаў сюжэт на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” пад назвай “На Віцебшчыне паставілі помнік камсамолу”. Журналіста зноў вінавацілі ў парушэнні артыкула 35 Закона аб СМІ (праца без акрэдытацыі) і прыцягнулі да адказнасці па частцы 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Перад судовым пасяджэннем Зміцер Лупач перадаў у суд арыгінал квітанцыі памерам 1.80 м на 1.60 м аб аплаце папярэдняга штрафу. “Бо, – як кажа журналіст, – часам у судзе не могуць адсачыць, ці заплаціў я штраф і перадаюць паперы судовым выканаўцаў, калі ў мяне ўжо заплочаны штраф”.

– Я думаю, не цяжка глянуць і праверыць, заплаціў я ці не. Але яны прывыклі, каб я прынёс ім сам паперку, то бок, ідзі вешацца і вазьмі з дому сваю вяроўку. Атрымліваецца, мала таго, што плоціш вялікі штраф, дык яшчэ трэба прынесці ім паперачку. А вось саму позву мне прыслаць… дык міліцыя шле па вайберу фотку позвы, а ў судзе мне казалі, што зараз па новых патрабаваннях, гэта ж 21 стагоддзе, век інтэрнэту, можам паведамляць іншымі сродкамі сувязі. А чаму яны не могуць тады спраўдзіць, ці заплаціў я штраф, а трэба ім несці паперку. Ну я і прынёс такую вялікую паперыну.

Сёлета над Змітром Лупачам адбыўся першы суд. На прапанову журналіста ў Дзень роднай мовы весці суд па-беларуску, суддзя адказаў, што журналіст можа адказваць па-беларуску, а сам спаслаўся на двухмоўе ў нашай краіне. Судовы працэс ён вёў па-расейску. Таксама суддзя Андрэй Тарасевіч забараніў фотаздымку.

Летась незалежны журналіст па артыкуле 22.9 КаАП прыцягваўся да адказнасці дзевяць разоў. Агулам ён сплаціў штрафаў на суму 4 802 беларускія рублі.

Беларускае Радыё Рацыя