У Гомелі адбылося ток-шоу “Доступ да праўды”



Гомельцы абмеркавалі праблемы з доступам да інфармацыі ў дзяржаўных органах. Перад гарадской публікай выступілі эксперты “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, якія прывялі прыклады непразрыстых дачыненняў улады з грамадзянамі. Лаўрэат Французскай прэміі “Свабода-Роўнасць-Братэрства” Леанід Судаленка распавёў пра ягоную спробу трапіць у камісію па садзейнічанні занятасці.

Леанід Судаленка:

– Паводле заканадаўства, у склад антыдармаедскіх камісіяў могуць уваходзіць грамадскія аб’яднанні. Месца, дзе я працую, – незалежны прафсаюз РЭП – акурат з’яўляецца грамадскім аб’яднанне. Таму мой кіраўнік Генадзь Федыніч накіраваў мяне ў камісію па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Толькі  праз два месяцы мы атрымалі адказ на сваю просьбу. У адказе гаварылася, што камісіі ўжо створаныя. Чыноўнік не напісаў, ці спазніўся я. Ён і не мог так напісаць, бо мяне вылучылі своечасова. Ён проста адзначыў, што не з’яўляецца магчымым Вас уключыць.

На думку праваабаронцы, згаданы кейс паказвае, што чыноўнікі робяць усё, каб грамадства было асобна, а ўлады асобна.

Архітэктар Сяргей Ляпін адзначыў, што “звычайны гараджанін не можа ўплываць на развіццё горада, бо ў яго няма на гэта законных рычагоў”.

А эксперт установы “Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч лічыць, што ўся інфармацыя, якая адбываецца праз дакументазварот апрацоўваецца, адлічбоўваецца і накіроўваецца ў дзяржкантроль. “То бок кантроль ёсць. Толькі доступу ў нас з вамі да гэтай інфармацыі няма”, – паведаміў Аляксей Харкевіч.

Гомельская сустрэча экспертаў БАЖ з гараджанамі прайшла ў межах кампаніі “За права на інфармацыю”. Гэтая кампанія была распачатая для таго, каб змяніць стаўленне ў чыноўнікаў да журналістаў, сфармаваць у іх разуменне ў неабходнасці дзяліцца інфармацыяй з грамадствам.

Каардынатарка кампаніі “За права на інфармацыю” Юлія Катаржынская адзначыла актуальнасць абмеркаваных падчас ток-шоу пытанняў:

– Тэмы, якія датычацца і “дармаедскіх” камісіяў, і бюджэтных сродкаў, і горадабудаўніцтва – гэта ўсё тое, што рэальна набалела ў насельніцтва. Таму актыўныя гараджане сабраліся ў адным месцы, каб гэта абмеркаваць.

Экспертамі мерапрыемства выступілі лаўрэат прэміі “Свабода-роўнасць-братэрства” Французскай Рэспублікі Леанід Судаленка; эксперт установы “Стратэгічная думка”Аляксей Харкевіч; архітэктар, публіцыст Сяргей Ляпін. А таксама выпускнік праграмы МакКейна Яраслаў Бекіш.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель