У Гомелі адкрыўся першы цэнтр беларускай мовы



У Гомелі адкрыўся першы цэнтр беларускай мовы. Арганізатары ўстановы – мясцовая філія Таварыства беларускай мовы – спадзяюцца, што офіс стане месцам тусовак і розных беларускамоўных імпрэз.

Старшыня гомельскага аддзялення ТБМ Алеся Аўласевіч гаворыць, што пра стварэнне цэнтра марылі некалькі гадоў:

Вельмі хочацца мець месца, дзе можна разам сабрацца, дзе можна правесці гурткі, і каб гэта было на сталай аснове, каб працавала бібліятэка і можна было паглядзець кіно ці згуляць у настолку. Таму з’явіўся гэты цэнтр. Адкрыць цэнтр даволі складаная рэч. Напрыканцы года мы сабралі ўнёскі, і ахвяраванні, і самі ўклалі, і зразумелі, што мы можам паспрабаваць запусціць такі цэнтр.

Арганізатары цэнтра абяцаюць бясплатна прадстаўляць пляцоўку для правядзення беларускамоўных імпрэзаў. Першыя мерапрыемствы цэнтр арганізуе ўжо праз тыдзень: 11 і 12 лютага. У гэтыя дні працягне працу гурток беларускай мовы для дзяцей «Мова дзяцей» і распачне работу гурток для дарослых «Лямантар».

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель