У Гомелі арыштавалі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці
Удзельнікі акцыі салідарнасці з журналісткай Ларысай Шчыраковай пакараныя арыштам.
Актывісты Барыс Анікееў і Уладзімір Няпомняшчых, відэаблогер Віктар Рубцоў прыйшлі ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля з рэчамі і прадуктамі, паколькі не вераць у беларускае правасуддзе. Яшчэ да пачатку абвяшчэння прысудаў у калідоры суда з’явіліся міліцыянты-канваіры. Уладзімір Няпомняшчых па абвяшчэнні судовага рашэння зазначыў, што падрыхтаваўся як след да арышту:
– Да гэтага гатовы быў, я праўда разлічваў і на 15, і на 25 сутак. У мяне сала шмат, агуркоў шмат, часнака і цыбулі яшчэ больш, каб розная зараза не чаплялася, таму адчуваю сябе нармальна. Па вялікім рахунку, я лепш адсяджу пяць сутак, чым буду плаціць бандыцкай лукашэнкаўскай уладзе. Я рашэннем суда задаволены, адпачну, пасплю.
Барыс Анікееў, Віктар Рубцоў і Уладзімір Няпомняшчых былі сярод людзей, якія прыйшлі да сценаў суда Гомельскага раёна 28 верасня, каб падтрымаць журналістку Ларысу Шчыракову. Актывісты павесілі сабе на шыі самаробныя плакаты з надпісамі „Я — нячэсны блогер”, „Я — адмарозак”, „Я — пятая калона”.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
