У Гомелі будуць судзіць удзельнікаў акцыі салідарнасці
У Гомелі будуць судзіць удзельнікаў акцыі салідарнасці з журналісткай Ларысай Шчыраковай.
У аддзеле міліцыі Чыгуначнага раёна склалі пратаколы ў дачыненні да актывістаў Барыса Анікеева, Віктара Рубцова і Уладзіміра Няпомняшчых. Грамадзянаў вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце. Уладзімір Няпомняшчых заяўляе пра абсурднасць пераследу:
– З майго боку, Анікеева і Рубцова ніякіх правапарушэнняў не было. Мы сабраліся каля суда Гомельскага раёна, каб падтрымаць незалежнага карэспандэнта Ларысу Шчыракову. Мы зрабілі біркі: “Я дарамед”, “Я ўшывая блаха!”, як нас называе самы чэсны хакеіст краіны.
28 верасня ў судзе Гомельскага раёна разглядалася чарговая справа ў дачыненні да журналісткі Ларысы Шчыраковай за незаконны выраб інфармацыйнай прадукцыі.
У знак падтрымкі журналісткі ля сценаў суда некалькі чалавек разгарнулі самаробныя плакаты з надпісамі „Я — дармаед”, „Я — нячэсны блогер”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
