У Гомелі дзясяткі гандляроў і прадпрымальнікаў могуць пазбавіцца працоўнага месца
У Гомелі дзясяткі гандляроў і прадпрымальнікаў з Прывакзальнага рынка могуць застацца без працоўнага месца. Старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка падчас прамой тэлефоннай лініі з гараджанамі зазначыў, што ўжо ў гэтым годзе на месцы рынка пачнецца будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага комплекса. Наўзамен прадпрымальнікам прапанавана пляцоўка ў раёне вуліцы Шаўчэнкі. Паводле інфармацыі бізнесоўцаў, не ўсе гандляры атрымаюць месцы для сваіх ралетаў на новым рынку.
– Нас папярэджвалі, што будзе будавацца рынак на вуліцы Шаўчэнкі. Але сітуацыя такая, што не ўсім напэўна хопіць месцаў. Не трэба выкідваць людзей на вуліцу.
Прадпрымальнікі абураюцца таксама дзеяннямі арэндадаўцаў рынка, якія да апошніх дзён не інфармавалі пра закрыццё гандлёвага аб’екта.
– Усё гэта ўтойвалі да апошняга моманту. Казалі: працуйце як працавалі, ніхто нічога не ведае. І раптам за тры дні ўсё вырашылася. Трымаюць нас за дурняў. Быццам мы не людзі, а прабачце, быдла нейкае.
Прывакзальны рынак у Гомелі – аб’ект, які належыць кампаніі “Комплекс-партнёр”. Дагэтуль на афіцыйным сайце арганізацыі няма ніякай інфармацыі пра спыненне дзейнасці рынка, пазначаныя цэны на арэнду гандлёвых месцаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота gomel.today
