У Гомелі фактычна знішчана незалежная журналістыка



У Гомелі фактычна знішчана незалежная журналістыка.

Пра апошнія ператрусы ў прадстаўнікоў СМІ распавядае наш карэспандэнт Мікола Бянько:

– На гэты момант вядома, што трое журналістаў-фрылансераў не выходзяць на сувязь. Гэта Андрэй Толчын, Ларыса Шчыракова і Яўген Меркіс. Калі пра лёсы першых двух калегаў я не ведаю нічога, не ў курсе, ці прыходзілі да іх „таварышы”, хутчэй за ўсё прыходзілі. То з Яўгенам Меркісам сітуацыя такая: ён паспеў у сацыяльнай сетцы напісаць, што да яго завіталі. Гэта ўжо другі ператрус ў Яўгена за бягучы год, першы быў у лютым. Вельмі так шчыльна з чалавекам працуюць. Я так разумею, што ў яго забралі тэхніку і кудысьці звезлі, месцазнаходжанне невядома. Можна канстатаваць, што ў Гомелі практычна ўся незалежная журналістыка знішчана. Гэта мэтаскіраваная аперацыя, бо на дзень раней прадстаўнікі органаў “уварваліся” ў кватэру журналістаў, якія з’ехалі з Беларусі яшчэ ў мінулым годзе. Яны зрабілі гэта без прысутнасці нашых калег, ідзе гаворка пра Сяргея Ляпіна і Марыю Булавінскую. Патрапілі ў памяшканне, знайшлі там „страшны крымінал” – кнігі пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 года. Выклалі гэта ў нейкіх сумнеўных пабліках, якія звязаныя з дзейнасцю так званых праваахоўных органаў.

Беларускае Радыё Рацыя