У Гомелі не будзе вуліц Быкава і Караткевіча



На тэрыторыі былога рабочага пасёлка Касцюкоўка ў Чыгуначным раёне Гомеля не будзе вуліц Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Кірылы Тураўскага.

Раней шэраг СМІ паведаміў, што ў Касцюкоўцы вуліцы атрымалі новыя назвы. Такое рашэнне прыняў Гомельскі гарадскі савет дэпутатаў. Неабходнасць перайменавання выкліканая тым, што назвы некаторых вуліц Касцюкоўкі аналагічныя назвам вуліц у іншых раёнах Гомеля. Каб пазбегнуць блытаніны, вырашана было вуліцы перайменаваць.

Як стала вядома БелаПАН, сапраўды былі планы і прапановы перайменаваць завулак Садовы ў завулак Быкава, вуліцу Прамысловую назваць імем Караткевіча, Светлагорскую — імем Кірылы Тураўскага. Але ў выніку завулак Садовы захаваў сваю назву, а вуліца Прамысловая стала Грушавай. Вуліца Светлагорская стала насіць імя Валерыя Абеля — у гонар стваральніка мясцовага цырка.

Таксама ў Касцюкоўцы з’явіліся такія вуліцы, як Заазёрная, Бурштынавая, Гасцявая, Яромінская, Яблыневая, Раўнінная, Арэхавая і іншыя.

У тапанімічнай камісіі Гомельскага гарвыканкама пацвердзілі, што вуліц Быкава і Караткевіча ў Касцюкоўцы не будзе. Рашэнне гарсавета аб перайменаванні вуліц пакуль праходзіць юрыдычную экспертызу, а затым будзе апублікаванае.

„Былі прапановы пра Быкава і Караткевіча, але людзі не пагадзіліся з такімі назвамі”, — адзначыла старшыня тапанімічнай камісіі Ларыса Язерская.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ірына Дробатава пракаментавала, што пры перайменаванні вуліц улічвалася меркаванне мясцовых жыхароў: праводзіліся абыходы па дамах і кватэрах, прапановы перадаваліся ў тапанімічную камісію.

 „Людзі не захацелі, каб былі такія назвы, як былі прапанаваныя, — Быкава і Караткевіча. Так вырашылі людзі”, — падкрэсліла Дробатава.