У Гомелі некалькі дзясяткаў затрыманых



Некалькі дзясяткаў затрыманых гомельцаў – такі вынік паслявыбарчых пратэстаў у горадзе над Сожам. Пасля закрыцця выбарчых участкаў грамадзяне пачалі стыхійна збірацца ў ваколіцах плошчы Паўстання. Ацаніць агульную колькасць дэманстрантаў праблематычна, паколькі натоўпы людзей увесь час перамяшчаліся ўздоўж вуліцы Савецкай. Маніфестанты не вераць у тое, што Аляксандр Лукашэнка набірае большасць галасоў.

– Паглядзіце на вуліцу. Вы хочаце сказаць, што гэта тыя 21 ці 22 адсоткі, якія засталіся?! Я ў гэта не веру. І ніхто ў гэта не верыць.

– Сказалі, што ў Гомелі 55% прагаласавалі датэрмінова. Атрымліваецца, што гэта кожны другі. Але ў маім асяродку – калегі, родныя, сябры – ніхто датэрмінова не галасаваў. Як так магло атрымацца, што кожны другі?

Байцы АМАП выбарачна затрымлівалі дэманстрантаў і адвозілі іх у раённыя ўправы ўнутраных справаў. У адным толькі Цэнтральным РАУС апынулася некалькі дзясяткаў гомельцаў, сярод якіх двое журналістаў – Павал Міцкевіч і Яўген Меркіс. Позна ноччу журналістаў адпусцілі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель