У Гомелі падчас пратэстаў затрымалі журналістаў



У Гомелі падчас пратэстаў затрымалі журналістаў Марыну Драбышэўскую, Надзею Пужынскую і Юрыя Глушакова. Яны выконвалі стрымы і рыхтавалі матэрыялы для гарадскога парталу “Моцныя навіны”.

 

Затрыманых журналістаў праз некалькі гадзін пасля знаходжання ў РАУС Цэнтральнага раёну адпусцілі. Марына Драбышэўская лічыць затрыманне незаконным.

– Мы працавалі. У нейкі момант пачулі, што ззаду хтосьці кажа: девушки остановитесь. Мы спыніліся. Сказалі, што я прадстаўнік СМІ, паказала пасведчанне. Але яны на гэта ніяк не адрэагавалі. Нам нічога не патлумачылі. Проста сказалі: пойдёмте. АМАП не надта карэктна сябе паводзіў, таму што яны штурхалі. Я ледзь не ўпала.  Мяне штурхаў амапавец, які ішоў перада мной. А ў пастарунку паводзілі сябе даволі карэктна.

Марыну Драбышэўскую і Надзею Пужынскую адпусцілі без складання пратаколаў. Юрыя Глушакова вінавацяць у парушэнні артыкула 23.34 “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”.

Беларускае Радыё Рацыя