У Гомелі пасажыр параніў нажом вадзіцеля таксі



Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта распачаў справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) Крымінальнага кодэкса Беларусі ў дачыненні да жыхара Гомеля, які напаў на вадзіцеля таксі.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, 28 кастрычніка ў Гомелі прыкладна ў 5 гадзін 30 хвілін паміж вадзіцелем і двума яго нецвярозымі пасажырамі ў салоне аўтамабіля ўзнік канфлікт. „У выніку вадзіцель высадзіў пасажыраў на вуліцы Пенязькова, не даехаўшы да названага дома, а пасажыры адмовіліся аплачваць праезд. Адзін з пасажыраў, 28-гадовы раней неаднаразова судзімы мужчына, нанёс вадзіцелю ўдар нажом у вобласць грудной клеткі, прычыніўшы яму непранікаючае колата-рэзанае раненне”, — сказала прадстаўнік УСК.

Падазраваны затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. З яго ўдзелам праводзяцца следчыя дзеянні. У межах крымінальнай справы прызначаныя экспертныя даследаванні.