У Гомелі паступова ліквідуюць калонкі для пітной вады



У раёнах прыватнай забудовы ў Гомелі могуць знікнуць калонкі для пітной вады. Спецыялісты прадпрыемства „Гомельвадаканал” цягам 2014 года дэмантавалі амаль 270 калонак. Грамадзяне, якія дагэтуль не маюць цэнтралізаванага вадаправода, павінны заключаць спецыяльныя дамовы з „Гомельвадаканалам”. Жыхар вуліцы Пясочная Андрэй мяркуе, што не кожная сям’я зможа выдаткаваць са свайго бюджэту сродкі на падвядзенне вады.

– Мы жывём у прыватным сектары, карыстаемся калонкай. Канешне, цяжка будзе, таму што ў мяне цётка пенсіянер, бацька працуе дворнікам, нам будзе цяжка праводзіць ваду. Будзем старацца, каб не зносілі калонку, трэба неяк скардзіцца.

Праваабаронца Алесь Яўсеянка зазначае, што гарадскія ўлады паступова адвучаюць ад звычкі карыстацца бясплатнымі калонкамі.

– Першы этап – гэта паставілі на калонкі набалдашнікі, што не націсніш на рычаг, пад набалташнік патрэбны ключ. Трэба ісці да Водакала і заплаціць за гэты ключ. Спачатку закрылі калонкі. Не ўсе маглі вады набраць. Гарачыня была летам, людзі прытомнасць гублялі ад спёкі ў горадзе. А другі этап – будуць зусім дэмантаваць. Вось гэта клас!

Прадпрыемства „Гомельвадаканал” плануе скараціць агульную колькасць калонак у горадзе да 150.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота odsgomel.org