У Гомелі прайшоў чэмпіянат па футболе ў гонар 100-годдзя БНР



У Гомелі прайшлі фінальныя гульні аматарскіх футбольных каманд на кубак антыалкагольнай ініцыятывы “Хопіць піць – трэба жыць”. Сёлета турнір быў прысвечаны таксама 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі. Усе ўзнагароды (кубкі і медалі) — з беларускамоўнымі надпісамі і нацыянальнай сімволікай.

Адзін з арганізатараў спаборніцтваў гамяльчук Марцін заўважае, што сярод гомельскіх маладзёнаў чэмпіянат даволі папулярны:

– Мэта турніра “Хопіць піць” – зменшыць спажыванне алкаголю на душу насельніцтва. Штогод узровень футбалістаў павялічваецца. Нашыя спаборніцтвы цалкам бясплатныя, таму моладзь з ахвотай далучаецца да гульняў, людзі адсочваюць турнірныя табліцы ў пабліку. Сёлета ў турніры ўдзельнічала многа новых каманд. З 13-ці толькі 5-6 – “старыя”.

Гулец каманды “Грыбнікі” Аляксей адзначае, што спаборніцтвы праходзяць на высокім узроўні:

Сёлета не ўсё ў нашай каманды атрымалася, але турнір як быў на вышыні, так і застаецца. Мы хочам, каб моладзь болей займалася спортам, а не сядзела на лавах з бутэлькамі піва. Нашая каманда прытрымліваецца такога прынцыпу. Апроч гэтага, турнір 2018 прысвечаны таксама адной з найбольш важных дат – 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мы не п’ем, не курым, вядзем здаровы лад жыцця. Чаму б не правесці цікава выходны дзень? Гэты турнір усе ведаюць з тых, хто цікавіцца футболам у Гомелі. Мы прапагандуем спорт і патрыятызм”, – гаворыць яшчэ адзін гулец каманды “Грыбнікі”.

Футбольны турнір “Хопіць піць – трэба жыць” быў запачаткаваны 8 гадоў таму назад з ініцыятывы журналіста і грамадскага дзеяча Кастуся Жукоўскага. За гэты час у спаборніцтвах узялі ўдзел некалькі сотняў юнакоў з дзясяткаў дваровых камандаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель