У Гомелі ўсё-такі адбудзецца сустрэча са Святланай Алексіевіч



Аднак арганізатары выбачаюцца, што не ўсе змогуць патрапіць на сустрэчу з нобелеўскім лаўрэатам. Зала грамадска-палітычнага цэнтра можа змясціць прыкладна 60 чалавек.

Сустрэча Святланы Алексіевіч з гомельцамі адбудзецца, нягледзячы на забарону. Запланавана, што мерапрыемства пройдзе ў грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палеская, 52. Аднак, як распавёў грамадскі актывіст Уладзімір Кацора, з-за невялікага памеру залі сустрэча адбудзецца ў паўзакрытым фармаце.

– На Палескай сустрэча можа прайсці толькі ў абмежаваным рэжыме, па запрашэннях. Святлана Алексіевіч па стане здароўя не можа праводзіць сустрэчу на вуліцы, дзе ў нас маецца адмысловы амфітэатр. (Там магло б змясціцца да трохсот чалавек). Сустрэча адбудзецца ў нашай канферэнц-залі. Я не думаю, што мы там будзем набіваць людзей, як селядцоў у бочцы. Здаралася, што ў нашай залі пад 100 чалавек прыходзіла. Але падчас запланаванай сустрэчы з Алексіевіч у грамадска-палітычным цэнтры будзе ўдзельнічаць прыкладна 60 чалавек.

У Гомелі планавалася дзве сустрэчы з нобелеўскім лаўрэатам Святланай Алексіевіч: у грамадска-палітычным цэнтры на Палескай і ў абласной бібліятэцы. І тады б паслухаць першага ў Беларусі нобелеўскага лаўрэата маглі б усе ахвотныя. Аднак кіраўніцтва бібліятэкі, спачатку пагадзіўшыся прадаставіць памяшканне, праз некалькі дзён адмовіла ў залі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель