У Гомелі затрыманая група „чорных рыэлтараў”
У Гомелі затрымалі групу „чорных рыэлтараў”, якія, выкарыстоўваючы розныя крымінальныя схемы, пазбаўлялі грамадзян асацыяльных паводзін нерухомасці, паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама.
Затрыманні правялі супрацоўнікі 8-га ўпраўлення (па Гомельскай вобласці) ГУБАЗіК МУС Беларусі пры падтрымцы байцоў АМАПа.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, фігурантамі справы сталі пяць чалавек: чацвёра мужчын і жанчына. У апошняй, дарэчы, пяцёра дзяцей.
„Усе падазраваныя, як мяркуюць супрацоўнікі ГУБАЗіК, звёны аднаго ланцуга, — расказаў Прыстромаў. — Яны займаліся на тэрыторыі абласнога цэнтра махлярствам, падробкай дакументаў і незаконным утрыманнем людзей. Знаходзілі адзінокіх уладальнікаў нерухомасці, якія выпіваюць, уваходзілі ў давер і адбіралі ў іх кватэры, каб потым прадаць жыллё і атрымаць грошы”.
Упраўленне Следчага камітэта Беларусі па Гомельскай вобласці распачало некалькі крымінальных спраў па фактах ашуканскіх дзеянняў, звязаных з нерухомасцю. У дачыненні да затрыманых праводзяцца следчыя і аператыўныя мерапрыемствы.
