У гонар Маці Божай Жыровіцкай



У Слонімскім касцёле святога Андрэя 6 траўня прайшлі ўрачыстыя набажэнствы ў гонар Маці Божай Жыровіцкай, якая лічыцца заступніцай Беларусі. У гэты дзень у касцёле сабралася шмат людзей, найперш моладзі і дзяцей.

На святочнай імшы прысутнічалі як рыма-каталікі, так і грэка-каталікі (уніяты), бо Маці Божая Жыровіцкая лічыцца своеасаблівым сімвалам яднання паміж хрысціянскімі цэрквамі. Пасля набажэнстваў у самім касцёле, адбылася ўрачыстая працэсія з іконай Маці Божай.

Напісаны да каранацыі абраз Жыровіцкай Багародзіцы захоўваецца менавіта ў галоўным алтары касцёла святога Андрэя Апостала ў Слоніме. Ікона маці Божай Жыровіцкай з’яўляецца першым каранаваным абразом на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На працягу стагоддзяў перад іконай Жыровіцкай Багародзіцы маліліся грэка-каталікі, рыма-каталікі і праваслаўныя. Праваслаўныя вернікі свята Жыровіцкай іконы Маці Божай адзначаць у Жыровічах 20 траўня.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара