У гонар Тадэвуша Касцюшкі… (абноўлена)



У Марачоўшчыне, што на Берасцейшчыне, адбыліся мерапрыемствы ў гонар Тадэвуша Касцюшкі, прымеркаваныя да 200-годдзя ягонай смерці. 

У памяць аб Касцюшку ў косаўскім касцёле, дзе ён быў ахрышчаны, адбылася імша.

Пасля яе прайшло ўскладанне кветак да валуна з рэльефам змагара за свабоду каля сядзібы-музея.

Дыпламаты ЗША, Польшчы, Украіны ды іншыя пасадзілі дубовую алею каля сядзібы-музея Касцюшкі.

На мерапрыемстве прысутнічалі дыпламаты ЗША, Швейцарыі, Польшчы, Украіны і Расеі, дэлегацыя Фонду імя Касцюшкі ды іншыя госці.

* * * 

У нядзелю, 15 кастрычніка, у Марачоўшчыне ля Косава Івацэвіцкага раёна  праходзяць мерапрыемствы да 200-ых угодкаў смерці Тадэвуша Касцюшкі. Ушанаваць памяць героя прыедуць і замежныя госці.

Тадэвуш  Касцюшка – нацыянальны герой  Беларусі, Польшчы і ЗША, нарадзіўся ў маёнтку Марачоўшчына 4 лютага 1746 года, памёр 15 кастрычніка 1817 года ў Швейцарскім горадзе Залатурне. У 1818 годзе прах Касцюшкі перавезены ў Кракаў. Доўгі час імя Касцюшкі ў Беларусі было забытым. Толькі прыкладна апошнія паўтара дзесятка гадоў на месцы нараджэння адбудаваны музей і ладзяцца сустрэчы. Імя Касцюшкі аб’ядноўвае беларусаў і палякаў, кажуць прадстаўнікі фундацыі Тадэвуша Касцюшкі ў Кракаве на апошняй сустрэчы ў Марачоўшчыне:

– Тадэвуш Касцюшка  думаў перадусім пра людзей. Для Касцюшкі чалавек быў найважнейшым. А зараз людзі дбаюць пра яго. 

– Гэта чалавек, які можа аб’яднаць народы Беларусі і Польшчы. Нашыя Айчыны. 

Мерапрыемствы пачнуцца з імшы ў Троіцкім касцёле ў Косаве а 10-й гадзіне 15 кастрычніка.

У палове 12-ай будуць ускладзены вянкі да мемарыяльнага знаку каля сядзібы-музея Касцюшкаў. Пасля ўскладання вянкоў  адбудзецца прэзентацыя відэароліка аб жыцці Тадэвуша Касцюшкі і тэатралізаваная пастаноўка.

Беларускае Радыё Рацыя