Гарадзенскіх актывістаў пакаралі суткамі ды штрафамі (абнаўляецца)



Пяць удзельнікаў акцыі, якая праходзіла ў Гародні на Дзень Канстытуцыі, былі пакараны Ленінскім раённым судом.

Гэтыя справы разглядалі суддзі Алена Пятрова, Наталля Козел і Дзмітры Бубенчык.

На 15 сутак арыштаваны Эдвард Дмухоўскі паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве:

– А я ведаю, што там трэба? Кніжкі ўзяў, пасту ўзяў, паперу ўзяў, шкарпэткі чыстыя ўзяў, шчотку ўзяў. Яны нас за гэта судзяць, яны прыдумалі гэты закон у 1997 годзе – прыдуманы быў пад дзеянні Лукашэнкі. Па сённяшні дзень нас абвінавачваюць па гэтым законе ва ўсіх бедах: ходзім мы на могілкі, ходзім мы са сцягам, адзначаем нашы святы, пішам мы дыктоўскі, ладзім нейкія сустрэчы – гэта ўсё па-за законам.

Іншыя абвінавачаныя былі прысуджаны да штрафаў: Васіль Корабаў – 7 базавых, Валянціна Навумава, па двум артыкулам – 15 базавых штрафу, Віталь Дзюк і Валеры Курчэўскі па 15 базавых.

Кажа аштрафаваная сябра партыі левых “Справядлівы свет” Валянціна Навумава:

– Я бачу няспыннае парушэнне канстытуцыйнага заканадаўства, якое павінна выконвацца ўладамі, а пасля ўжо грамадзянамі. Але нашы ўлады ігнаруюць, падпарадкоўваючыся больш указам і дэкрэтам, чым самаму важнаму закону. Мяне гэта вельмі хвалюе, таму я выйшла пратэставаць. Нашы людзі губляюць правы, і мне вельмі балюча з-за таго, што робіцца.   

Пакараныя ўдзельнікі акцыі будуць абскарджваць рашэнні Ленінскага суда. Яны лічаць вынесеныя прысуды рэпрэсіямі за погляды, а таксама за спробу рэалізаваць свае правы на свабоду сходаў і асацыяцый.

* * *

У Гародні судзяць удзельнікаў акцыі пратэсту супраць Дэкрэту № 3, што прайшла 15 сакавіка. Разглядаюць справы  Эдварда Дмухоўскага, Валерыя  Курчэўскага, Валянціны Навумавай, Віталя Дзюка, Мікалая Саляніка, Васіля Корабава і магчыма Антона Вайцехава. Іх вінавацяць  ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У Навумавай дадаткова пратакол складзены і па артыкуле – непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі.

З падрабязнасцямі наш гарадзенскі карэспандэнт Якуб Сушчынскі:

Суддзі – Пятрова, Козел і Бубенчык. Дзмітрый Бубенчык вядзе адміністрацыйны працэс над Васілём Корабавым, які падчас акцыі праз мегафон абурана выступаў у адрас чыноўнікаў і казаў, што тыя лічаць пенсіянераў «утрыманцамі». Гэтыя словы ён пачуў падчас круглага стала. Уласна кажучы, гэтае выступленне і стала падставай для прыцягнення яго па ч.1 артыкула 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Зараз у судзе над актывістам абвешчаны перапынак да 14.10. У іншых залах  праходзяць судовыя паседжанні над астатнімі актывістамі.

– Суддзя Пятрова разглядае адміністрацыйныя справы Эдварда Дмухоўскага і Валерыя Курчэўскага. Валер Курчэўскі – гэта пенсіянер, які таксама браў удзел у акцыі 15 сакавіка. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Эдвард Дмухоўскі як грамадскі актывіст праходзіць ужо па частцы 3. Ён не спадзяецца, што яго пакараюць штрафам. Хутчэй за ўсё, на яго думку, пакараюць суткамі. У час выступу сведкаў Эдвард Дмухоўскі прыгадаў 1937 год, калі прадстаўнікі міліцыі і спецорганаў выконвалі злачынныя загады ўладаў. Паседжанне працягнецца ў 14:10 у гэтай жа зале, дзе суддзя Пятрова мае вынесці прысуд гэтым двум грамадскім актывістам.

* * * 

У Гародні сёння пройдуць чарговыя суды за марш недармаедаў. Эдварда Дмухоўскага, Віталя Дзюка, Васіля Корабава, Валянціну Навумаву вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Суд пачнецца а 10-й гадзіне.

Суды пройдуць над удзельнікамі ўжо другога «Маршу недармаедаў», які адбыўся ў Гародні 15 сакавіка. Вядома, што пратакол складзены і на Антона Войцехава, але ягоны тэлефон недасягальны і пакуль невядома, ці атрымаў ён позву ў суд.

За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 15 сакавіка адразу на другі дзень на 13 сутак арышту асуджаны Аляксандар Лаўрэнцьеў. Ён ужо адбывае пакаранне.

Беларускае Радыё Рацыя