У Гародні чарговая справа з атрыманнем хабару



Упраўленне Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці расследуе крымінальную справу ў дачыненні да дырэктара гарадзенскага гарадскога камунальнага ўнітарнага прадпрыемства „Камбінат школьнага харчавання Ленінскага раёна г. Гародня”, якая абвінавачваецца ў атрыманні хабару, у тым ліку паўторна (чч. 1 і 2 арт. 430 КК), а таксама ў крадзяжах шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, у тым ліку ўчыненых паўторна (чч.1 і 2 арт. 210 КК).

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч, спыненню злачыннай дзейнасці кіраўніка папярэднічала эфектыўная сумесная аператыўная праца праваахоўных органаў Гарадзенскай вобласці, якія 4 чэрвеня 2018 года затрымалі дырэктара на працоўным месцы пры атрыманні хабару у памеры прыблізна 500 рублёў. Грошы прымаліся кіраўніком ад загадчыкаў вытворчасці некалькіх сярэдніх школ Ленінскага раёна Гародні за неправядзенне пазапланавых праверак вытворчай дзейнасці і невыяўленне парушэнняў з боку работнікаў сталовых.

Падчас высвятлення абставінаў следчыя і аператыўныя супрацоўнікі праваахоўных органаў усталявалі і задакументавалі шэраг аналагічных фактаў атрымання хабару ад загадчыкаў вытворчасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Ленінскага раёна абласнога цэнтра. За бяздзеянне з боку кіраўніка апошнія фактычна штомесяц перадавалі ад 50 да 150 рублёў.

Акрамя таго, паводле інфармацыі УСК, выяўленыя іншыя факты злачынных дзеянняў з боку дырэктара камбіната школьнага харчавання. Злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, яна сістэматычна давала ўказанні галоўнаму бухгалтару аб выдачы матэрыяльнай дапамогі падначаленым работнікам. Пры гэтым апошнія атрымлівалі толькі палову грошай, а другая палова прысвойвалася кіраўніком.

У адной вытворчасці злучаныя прыблізна 30 крымінальных спраў, распачатых у дачыненні да службовай асобы. Агульны памер беспадстаўнага ўзбагачэння перавысіў 8 тыс. рублёў.

Кіраўнік ўзятая пад варту. У мэтах забеспячэння кампенсацыі ёю нанесенай шкоды і маёмасных спагнанняў накладзены арышт на маёмасць.

Следчыя і аператыўныя супрацоўнікі правяраюць абвінавачаную на дачыненне да магчымага здзяйснення іншых карупцыйных злачынстваў. Акрамя таго, у межах крымінальнай справы будзе дадзеная прававая ацэнка дзеянням работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Ленінскага раёна Гародні, грамадзян, якія давалі хабар, а таксама здзяйснялі правапарушэнні ў вытворчай дзейнасці.

belapan.by