У „Грыгараўшчыне” пачала працаваць сістэма электроннай чаргі



У пункце пропуску „Грыгараўшчына” на беларуска-латвійскай мяжы 25 студзеня пачала функцыянаваць сістэма электроннай чаргі транспарту.

Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі, зараз аўтамабілі, якія выязджаюць у напрамку Латвіі цераз гэты пункт пропуску, будуць праходзіць праз абавязковую сістэму рэгістрацыі перад уездам у зону чакання.

Уехаць у міжнародны пункт пропуску „Грыгараўшчына” можна як у раней забранаваны час, так і па жывой чарзе.

Пагранведамства звяртае ўвагу, што сістэма электроннай чаргі вызначае толькі час уезду ў пункт пропуску. Памежны, мытны і іншыя віды кантролю кожны, хто перасякае мяжу, праходзіць устаноўленым парадкам.

Сістэма электроннай чаргі транспартных сродкаў будзе ўкаранёная ў 10 пунктах пропуску на ўсіх напрамках беларускай дзяржаўнай мяжы.

belapan.by