У інфармацыйнай кампаніі БелаПАН памяняўся дырэктар



У інфармацыйнай кампаніі БелаПАН памяняўся дырэктар.

18 студзеня Дзмітрый Наважылаў, які кіраваў ЗАТ „БелаПАН” з чэрвеня 2018 года, напісаў заяву аб звальненні з пасады, а таксама загад аб тым, што да прызначэння новага дырэктара яго абавязкі выконвае галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына.

21 студзеня савет акцыянераў ЗАТ „БелаПАН” зацвердзіў заяву Наважылава аб звальненні і прызначыў Леўшыну дырэктарам кампаніі. Адначасова яна застаецца галоўным рэдактарам БелаПАН.

14 студзеня ў офісе БелаПАН прайшоў вобшук, які доўжыўся каля трох гадзін. Канфіскаваныя рукапісныя запісы, фінансавая дакументацыя, каля дзясятка цвёрдых дыскаў працоўных камп`ютараў, цвёрды дыск сервера лакальнай сеткі, два нетбукі, візітныя карткі.

Вобшук праводзіўся ў межах расследавання справы, распачатай паводле артыкула 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у дачыненні да журналіста Андрэя Аляксандрава. У 2014—2018 гадах ён займаў пасаду намесніка дырэктара БелаПАН. У цяперашні час паміж ім і кампаніяй існуюць дагаворныя адносіны. У пастанове на вобшук таксама фігураваў артыкул 293 КК (масавыя беспарадкі).

Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. Яны падазраюцца ў фінансаванні пратэстнай дзейнасці — у прыватнасці, у тым, што аплачвалі штрафы затрыманых падчас акцый людзей, кампенсавалі іх утрыманне ў ЦІП і ізалятарах. Паводле інфармацыі МУС, неабходныя для гэтага сродкі падазраваныя атрымлівалі з-за мяжы. Беларускія праваабаронцы абвясцілі Аляксандрава і Злобіну палітычнымі вязнямі.

Інфармацыйная кампанія БелаПАН, у структуру якой уваходзяць інфармагенцтва БелаПАН і інтэрнэт-газета „Белорусские новости” (Naviny.by), была створаная ў 1991 годзе Алесем Ліпаем. 23 жніўня 2018 года ён раптоўна памёр ва ўзросце 52 гадоў.

belapan.by