У інтэрнаце БНТУ жорстка затрымалі замежнага студэнта



У восьмым інтэрнаце БНТУ жорстка затрымалі замежнага студэнта з Гвінеі, паведаміў ТГ-канал універсітэта. На відэа бачна, як міліцыянты б’юць яго па нагах, каб паваліць на падлогу, а потым зашчоўкваюць кайданкі за спінай.

Сябры хлопца кажуць, што ён выйшаў з інтэрната і перайшоў дарогу ў неналежным месцы на вуліцы Сурганава. Міліцыянты затрымалі яго і спыталі, чаму ён перайшоў там дарогу. Студэнт, які не разумеў па-руску, спалохаўся і хацеў паклікаць сябра, каб той пераклаў. Міліцыянты падумалі, што студэнт хоча ўцячы, пагналіся за ім і дагналі ў інтэрнаце.

Прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла, што інцыдэнт адбыўся 21 ліпеня. Пра затрыманне замежніка гаворыцца так: „Пры затрыманні ён аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў, на што да замежнага грамадзяніна былі ўжытая фізічная сіла і спецсродкі”.

Пазней МУС паведаміла, што замежніка затрымалі за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння:

«У інтэрнэце распаўсюджваецца відэа, на якім супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць чалавека. Паведамляем, што падзеі адбываліся 21 ліпеня. Студэнт БНТУ быў затрыманы праваахоўнікамі за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння. Пры затрыманні ён аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў, на што да замежнага грамадзяніна была ўжытая фізічная сіла і спецсродкі. Цяпер праводзіцца праверка, студэнт адпушчаны».

Беларускае Радыё Рацыя

Фото: скрыншот з відэа затрымання