У Іўі перадумалі ўводзіць абавязковае нашэнне масак у грамадскіх месцах



Інфармацыя пра новаўвядзенне 26 траўня з’явілася на сайце раённай дзяржаўнай газеты «Іўеўскі край». Там тлумачылася ўвядзенне абавязковага нашэння масак пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў раёне з распаўсюдам каронавірусу.

Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі заявіў і пра абмежаванне колькасці наведвальнікаў, якія адначасова могуць знаходзіцца ў адным памяшканні.

І вось 28 траўня ранейшая навіна на сайце «раёнкі» была «падкарэктавана» і зʼявілася новая. Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўдакладніў, што насамрэч названыя прафілактычныя меры маюць «рэкамендацыйны характар». Тыя ж кіраўнікі субʼектаў гаспадарання могуць «вырашаць самастойна, як абараніць свой калектыў».

На раніцу 28 траўня колькасць выяўленых у нашай краіне выпадкаў COVID-19 наблізілася да 40 тысяч. Новых выпадкаў зарэгістравалі зноў больш за 900. У Беларусі налічваецца 219 памерлых з каронавірусам (+5 за апошнія суткі).

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА