У Кабуле талібы збілі журналістаў



Чальцы руху „Талібан” збілі некалькіх журналістаў, якія асвятлялі акцыю пратэсту жанчын у Кабуле. Як найменш два супрацоўнікі СМІ атрымалі раненні, паведамляе euronews.com.

Кадр з відэа euronews

Кадр з відэа euronews

У чацвер раніцай група прыкладна з дваццаці афганак выйшла на марш пратэсту. Дэманстранткі скандавалі лозунгі: „Праца, хлеб, адукацыя” і „Мы — голас галоднага народа”.

Мітынгоўцы заклікалі талібаў адкрыць школы для дзяўчат і дазволіць жанчынам працаваць. Адна з арганізатарак акцыі сказала журналістам, што жанчыны выйшлі на марш, нягледзячы на рызыкі.

Раней намеснік кіраўніка місіі ААН па садзейнічанні Афганістану Метэ Кнудсен заявіла, што эканамічны крызіс у Афганістане можа ўзмацніцца, калі не будуць выконвацца асноўныя правы чалавека — і, у прыватнасці, правы жанчын.