У Калінкавічах суд пакараў буйнымі штрафамі журналістаў-фрылансераў



Суддзя Калінкавіцкага раёна Людміла Севасцьянава з перапынкам у адзін дзень пакарала гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына штрафамі — кожнага на 40 базавых велічынь, альбо на 920 рублёў.

Пакаранне вынесенае на падставе міліцэйскіх пратаколаў, складзеных  капітанам міліцыі Аляксандрам Палтаранам на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП — незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.

Справа датычная закрыцця школы ў вёсцы Каплічы Калінавіцкага раёна і рэакцыі на такі крок уладаў бацькоў школьнікаў. Відэасюжэт называўся,  пазначана ў міліцэйскім пратаколе, гэтак: “Людзі просяць вярнуць школу — чыноўнікі пагражаюць ім псіхушкай”.

«Улада ў краіне не належыць народу, і законы, якія ёсць — не дзейнічаюць. Мяне пераследуюць менавіта за тое што я карыстаюся Канстытуцыяй, якая гарантуе грамадзянам збор і распаўсюд інфармацыі. Імкнуся асвятляць праблемы людзей, а заадно і парушэнне законаў самімі дзяржслужбоўцамі.  Толькі сёлета на мяне складзена каля двух дзясяткаў пратаколаў, адбылося 9 судоў. Сума штрафаў перавысіла восем з паловай тысяч рублёў. Штрафуюць і фрылансераў, якія  працуюць разам са мной. Журналісты ўжо даюць праз штрафы больш прыбытку, чым  некаторыя занядбаныя беларускія прадпрыемствы, даведзеныя гэтай уладай да ручкі», — кажа фрылансер Жукоўскі.

Андрэй Толчын лічыць, што  замовы на пакаранне журналістаў-фрылансераў ідуць па лініі «вертыкальных» ідэолагаў, а выканаўцы гэтых замоваў — людзі ў пагонах і судзейскіх мантыях.

На днях стала вядома таксама, што Гомельскі абласны суд адмяніў штраф Жукоўскаму, накладзены ў верасні Жлобінскім раённым судом у звязку з інтэрв’юраваннем жыхароў вёскі Пірэвічы. Аднак справа не спыненая, а накіраваная ў Жлобін на новы разгляд іншым складам суда.

БАЖ