У Калінкавічах знойдзена спаленае таксі і цела кіроўцы



У Калінкавічах 19 студзеня знойдзена спаленае таксі і цела кіроўцы, падазраваны затрыманы, паведамляе УУС Гомельскага аблвыканкама.

19 студзеня ў 7.53 у аператыўна-дзяжурную службу Калінкавіцкага РАУС паступіла паведамленне ад дзяжурнага РАНС аб тым, што ў лясным масіве ў канцы вуліцы Лясной у Калінкавічах гарыць таксі. На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група.

Падчас тушэння пажару супрацоўнікі міліцыі рабілі спробы стэлефанавацца з кіроўцам, аднак той не адказваў. Пачаліся яго пошукі. Аператыўнік райаддзела міліцыі падчас праверкі вёскі Гулевічы знайшоў цела кіроўцы без прыкмет жыцця.

Падчас далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Калінкавіцкага РАУС была ўстаноўлена асоба, якая падазраецца ў здзяйсненні злачынстваў, — мужчына 1993 года нараджэння, жыхар Калінкавічаў, які нідзе не працуе, раней не судзімы. Ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за розныя віды правапарушэнняў.

Цяпер на месцы злачынства працуе следча-аператыўная група, устанаўліваюцца прычыны і акалічнасці здарэння.

belapan.by