У Камянецкім раёне падчас пажару загінулі муж і жонка
У вёсцы Камянюкі Камянецкага раёна 7 студзеня ў час пажару загінулі пажылыя муж і жонка.
Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, інфармацыя пра ўзгаранне ў шматкватэрным трохпавярховым жылым доме калідорнага тыпу паступіла ў раённы аддзел па НС у 18.28.
Пажар адбыўся ў кватэры на першым паверсе, дзе пражывала сямейная пара. У ахопленым агнём пакоі быў знойдзены загінулы 75-гадовы муж гаспадыні кватэры. Яго 76-гадовая жонка памерла ў машыне хуткай дапамогі па дарозе ў бальніцу.
З суседняй кватэры былі выратаваны два хлопчыкі 2011 і 2016 гадоў нараджэння і іх 62-гадовая бабуля.
Падраздзяленнямі МНС з кватэр дома былі эвакуяваны 42 чалавекі, у іх ліку чацвёра дзяцей.
Пажар ліквідаваны ў 19.07. Агнём пашкоджана ўнутранае аздабленне і маёмасць у кватэры, дзе пачаўся пажар.
Прычына ўзгарання высвятляецца.
Фота mchs.gov.by
