Свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Канстанцінаве



Свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адзначылі католікі вёскі Канстанцінава, што на Мядзельшчыне.  Там кожны год 15 жніўня ладзіцца фэст у гонар Марыі, бо мясцовы касцёл мае назву Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён з’яўляецца галоўнай славутасцю вёскі і пабудаваны ў ХІХ стагоддзі.

Паводле ксяндза-пробашча Алега Мурзіча з Канстанцінава, свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў іх яшчэ называюць спаржа.

– Людзі святкуюць ужо з даўніх-давен, тым больш касцёл не зачыняўся. У гэтыя часы камуністычныя цяжка было прыйсці, бо пераследавалі, але многія прыходзілі. Гэта захавалася па сённяшні дзень. Можа не ўсе прыйшлі, але многія. У нядзелю могуць не прыйсці, але прыйдуць на спаржу. І гэта свята сапраўды для нашай парафіі  як той Вялікдзень, як Божае Нараджэнне.  Таму парафіяне радасныя з таго, што, сапраўды, маглі памаліцца і пабыць у касцёле.

Падчас фэсту адбылося святочнае набажэнства ў касцёле з асвячэннем садавіны і гародніны. Прайшла працэсія Божага цела вакол будынка касцёла. Таксама ладзілася выстава творчых прац вернікаў “Выстава парафіяльных умельцаў”. Усім удзельнікам выставы ксёндз Алег Мурзіч падараваў малітоўнікі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя