У Кобрыне жанчына махлярскім чынам завалодала 20 тыс рублямі



Упраўленнем Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці завершанае расследаванне справы ў дачыненні да 45-гадовай жыхаркі Кобрына па ч. 2 арт. 209 КК (махлярства, учыненае паўторна).

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Марына Дранькова, жанчына абвінавачваецца ў тым, што з чэрвеня 2012 года па чэрвень 2016 года ўзяла ў доўг грашовыя сродкі на агульную суму звыш 20 тыс. дэнамінаваных рублёў, не маючы намеру іх вяртаць.

Злоўжываючы даверам, яна завалодала грашыма 33 грамадзян, у іх ліку 29 супрацоўнікаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў, дзе тады працавала жанчына.

У некалькіх выпадках жыхарка Кобрына казала, што ёй патрэбныя грошы для аплаты дзённага навучання сваёй паўналетняй дачкі ў недзяржаўным ССНУ Берасця і арэнды для яе жылля.

Пасля неаднаразовых напамінкаў аб вяртанні доўгу жанчына часам перадавала крэдыторам нязначныя сумы. Пасля таго як яна так і не выканала свае абавязацельствы ў поўным аб’ёме, пацярпелыя сталі звяртацца ў праваахоўныя органы.

У межах расследавання крымінальнай справы ўстаноўлена 59 эпізодаў атрымання жыхаркай Кобрына грошай грамадзян. Па кожным факце праведзеныя вочныя стаўкі, даследаваны распіскі, вывучаныя асабістыя запісы абвінавачванай.

Падследная знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах, на яе маёмасць накладзены арышт. Матэрыялы крымінальнай справы вывучаныя пракурорам і накіраваныя ў суд.

Жанчына працуе ў адной з прыватных арганізацый рэгіёна. Раней не судзімая.

belapan.com