У Кобрыні судзяць міліцыянта „касталома”



У судзе Кобрыньскага раёна будзе вынесены прыгавор участковаму Кобрыньскага РАУС маёру Сяргею Куляшову за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

У сакавіку 2017 года Куляшоў будучы не на сваім участку, паламаў нагу жыхару вёскі Бярозна Кобрыньскага раёна Анатолю Глыцуку, які вяртаўся дахаты з пахавання сваячкі. Адкрылі крымінальную справу толькі ў жніўні, а суды пачаліся восенню. І хаця было чатыры экспертызы кобрыньскіх экспертаў, якія сцвярджалі, што пералом быў ад удару тупым цвёрдым прадметам, суддзя прыняў прапанову адвакаткі Куляшова адправіць дакументы на чарговую экспертызу ў Менск.

У студзені дакументы былі адпраўлены на экспертызу. 12 чэрвеня а 10-й раніцы даведаемся, ці будзе пакарыны міліцыянт Куляшоў, кажа грамадскі актывіст Аляксандр Мех:

– Разгляд гэтай справы свядома зацягваецца, гэта спроба сысці ад адказнасці за гэты ўчынак. Мне падаецца, што наша міліцыя не разумее, для чаго яна існуе. Справа міліцыі абараняць грамадзян Рэспублікі Беларусь, а не наадварот, прымяняць супраць гэтых грамадзян сілу, у выніку чаго гэтыя людзі становяцца калекамі.

Па словах Пятра Шыманскага, у якога пацярпела маці, гэта не першае перавышэнне службовых паўнамоцтваў Сяргея Куляшова. Іншыя справы не даходзілі да суда. 

Беларускае Радыё Рацыя