У Кобрынскім раёне чарговы судовы разбор



У Кобрынскім раёне чарговы канфлікт паміж супрацоўнікам Кобрынскага РАУС, старшым лейтэнантам Анатолем Тарасюком і прадпрымальнікам з вёскі Залессе Сяргеем Сукачам.

Прадпрымальнік не дазволіў здымаць работніцы Кобрынскай санэпідстанцыі сваіх гаспадарчых пабудоў. Паколькі яна не мела пры сабе пасведчання і дакументаў.

Зварот па дапамогу ў міліцыю абярнуўся для яго грубым затрыманнем, нанясеннем цялесных пашкоджанняў, начлегам у ізалятары часовага ўтрымання, трыма пратаколамі і пакараннем праз суд, кажа Сяргей Сукач:

– Патэлефанаваў на 102 і папрасіў даслаць нарад або ўчастковага. Бо я не ведаю хто гэта і якое яна мае права фатаграфаваць прыватную ўласнасць.

Блогер Аляксандр Кабанаў лічыць, што калі б Сукач быў вінаваты, то не атрымаў бы такога мяккага пакарання нібыта за непадпарадкаванне міліцыі і дробнае хуліганства:

– Суддзя дае два мінімальныя штрафы, бо яму трэба абараніць супрацоўніка міліцыі. Калі апраўдаюць у судзе дзеянні абвінавачванага, значыць трэба будзе разбірацца з дзеяннямі супрацоўніка міліцыі.

Міліцыянт Анатоль Тарасюк пракаментаваць сітуацыю адмовіўся. Сяргей Сукач чакае адказу на сваю скаргу ў Следчы камітэт на дзеянні ўчастковага Анатоля Тарасюка. Рашэнне Кобрынскага суда ён таксама будзе абскарджваць.

Беларускае Радыё Рацыя