Алеся Меха пакаралі штрафам у 50 базавых
50 базавых альбо 1050 новых беларускіх рублёў прысудзілі палітыку Аляксандру Меху за ўдзел у акцыі памяці паўстанцаў у Свіслачы. Нягледзячы на ягоныя пратэсты і сведчанні пра тое, што ён транспарантаў і сцягоў у руках не трымаў, а ўшанаваць загінулых прыехаў у межах дзяржаўнага выхаднога дня на Дзяды, суддзя Цімашэнка з Кобрына усё ж пакараў яго:
— Разумееце, што адбываецца: гэтыя міліцыянеры нікога не знайшлі з грамадзян таго горада, якія б сведчылі супраць нас, што мы нешта парушалі.
Кажа берасцеец Валер Фамінскі:
— На жаль, наша суровая ўлада залежыць ад вертыкальнай і не вельмі шмат такіх падстаў аптымістычных, каб такая практыка была спынена.
Гэта ўжо ня першы суд над актывістамі за ўдзел у акцыі памяці Свіслач-2016. Папярэднія працэсы прайшлі ўжо на Гарадзеншчыне. Паводле практыкі сведкамі на такіх справах выступаюць выключна супрацоўнікі міліцыі, хоць ніводнага з іх у форме на самой цырымоніі ўшанавання, відаць, не было.
***
5 снежня
У судзе Кобрынскага раёна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы над мясцовым палітыкам Алесем Мехам. Яго вінавацяць паводле трэцяй часткі артыкула 23.34 – “парушэнне парадка арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”, якое нібыта мела месца ў Свіслачы 30 кастрычніка.
Падтрымаць Алеся прыехалі пятнаццаць чалавек з розных рэгіёнаў Берасцейшчыны.
Алесь Мех:
– Я вельмі ўдзячны маім сябрам, якія прыйшлі падтымаць мяне. Вы бачылі, што тут прыехалі сябры і з Берасця, і з Баранавіч. Прыйшло шмат людзей з Кобрына. Гэта частка маёй каманды, якая мне дапамагала пры правядзенні выбараў, што адбыліся ў верасні.
РР: Прагноза не робіце?
– Не. Тут нельга рабіць прагноза, як бачым, суд адразу не вынес рашэння.
Пасля паказанняў чатырох сведкаў з ліку афіцэраў Свіслацкай і Ваўкавыскай міліцыі суддзя Цімашэнка, які вядзе працэс, распарадзіўся прадэманстраваць відэаздымкі аператыўнікаў. Падчас трансляцыі былі прадстаўленыя кадры мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы.
Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
– Я быў у захапленні ад сведчанняў міліцыянтаў. Гэта сапраўды шчырыя, добрыя работнікі міліцыі. Яны сказалі ўсё праўду, як яно адбывался, што гэта сапраўды было свята. Але вядома, што сённяшняя міліцыя – гэта інструмент у нечых руках. І вось гэты добры інструмент трапіў у нечыя злыя рукі. І іх выкарыстоўваюць менавіта на брудныя справы.
Алесь Мех прызнае ўдзел у мерапрыемстве, але падкрэслівае, што гэта ўшанаванне продкаў у тым ліку паўстанцаў 1863 года на свята Дзяды, а не грамадска-палітычная акцыя.
У працэсе абвешчаны перапынак да заўтрашняй раніцы.
[Not a valid template]
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара