У конкурсе на пасаду рэктара ЕГУ сфарміраваны шорт-ліст



У конкурсе на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ, Вільнюс) сфарміраваны шорт-ліст, паведаміў 3 лютага БелаПАН кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта.

Усяго было пададзена 29 заявак ад прэтэндэнтаў, аднак Мілта адмовіўся паведаміць выніковую колькасць кандыдатаў сфарміраванага шорт-ліста, імёны прэтэндэнтаў, а таксама ці ёсць сярод іх грамадзяне Беларусі. Прадстаўнік ЕГУ абгрунтаваў гэта тым, што інфармацыя пра кандыдатаў з’яўляецца канфідэнцыйнай.

„Прэтэндэнты, якія пагадзіліся ўзяць удзел у конкурсе, — сказаў Мілта, — безумоўна, прынялі гэтае рашэнне, чакаючы, што ўніверсітэт забяспечыць выкананне прынцыпаў прыватнасці. У адваротным выпадку ні адзін з магчымых прэтэндэнтаў не змог бы браць удзел у конкурсе хоць бы таму, што гэта магло б выклікаць канфлікт інтарэсаў у дачыненні да яго/яе цяперашняга работадаўцы”.

Прадстаўнік ЕГУ адзначыў, што рашэнне праводзіць конкурс у такім фармаце было прынята з улікам міжнароднай практыкі, а таксама патрабаванняў з боку Шведскага агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця, пад эгідай якога праводзіцца конкурс. Улічваліся таксама рэкамендацыі кансалтынгавага агенцтва Mercuri Urval, адказнага за правядзенне конкурсу.

Мілта адзначыў, што камітэт па адборы „здольны забяспечыць празрыстасць працэсу адбору прэтэндэнтаў”. У склад камітэта ўваходзяць старшыня агульнага сходу сузаснавальнікаў ЕГУ і прэзідэнт фонду „Еўразія” Хортан Бібі-Сентэр, прэзідэнт ЕГУ Анатоль Міхайлаў, выканаўца абавязкаў рэктара ЕГУ Ёрген Ёргенсен, член сената ЕГУ, прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Ганна Філістовіч і інш.

Выніковае рашэнне аб прызначэнні рэктара будзе прынята агульным сходам сузаснавальнікаў да канца сакавіка 2017 года.

Як паведамлялася раней, ключавымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да кандыдата з’яўляюцца наяўнасць доктарскай ступені (PhD), не менш чым 15-гадовы вопыт выкладання і навукова-даследчай дзейнасці на ўніверсітэцкім узроўні, вопыт у галіне міжнароднага супрацоўніцтва ўніверсітэтаў, а таксама не менш як пяцігадовы досвед на старшай кіруючай пасадзе ў сферы вышэйшай адукацыі. Будучы рэктар павінен мець досвед працы са структурамі Еўрапейскага саюза, свабодна валодаць англійскай мовай. Валоданне рускай і/або беларускай мовай улічваецца ў якасці станоўчага фактару.

Былы рэктар ЕГУ Дэвід Полік, які не валодаў ні расейскай, ні беларускай мовай, займаў гэтую пасаду з красавіка 2015 да канца чэрвеня 2016 года. Выканаўцам абавязкаў рэктара ЕГУ ў кастрычніку 2016 года быў прызначаны датчанін Ёрген Ёргенсен.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, у 2004-м закрыты беларускімі ўладамі па ідэалагічных прычынах. Праз год ВНУ аднавіла працу ў Вільні. З’яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.

БелаПАН